Зарецкий Михаил - Двое Жвiроўскiх (На Белорусском Языке)
Мiхась Зарэцкi
Двое Жвiроўскiх
I
Жвiроўскi-бацька i Жвiроўскi сын.
У Жвiроўскага-бацькi нос высах ад ранняе старасцi, i на твары, шызым ад
куца падстрыжанай шэрсцi, ён выдаецца навiслым карчом, пераплеценым сiнiмi
жылкамi-пруццем. На самым канцы заўсёды трасецца блiскучая кропля. У
Жвiроўскага-сына нос не высах - завастрыўся ад ранняй дзiцячай гароты, ад
думак цяжкiх, недзiцячых. На сiнiм змарнелым тварыку ён выдаецца
недалужна-ўзнятай птушынаю дуюбкай. I не кропля, а заўсёды падцёкi пад носам.
I не трасуцца, а плывуць з настойнай павольнасцю.
Жывуць Жвiроўскiя на Завальным завулку ў той старэнькай хацёнцы, што слепа
касурыцца вокам крывым з карузлага бруднага садзiку, што ўзляглася трухлявым
тулавам на кастылi - падпоркi лабатыя.
У хацёнцы адзiн цямнявы пакой, у пакоi - цямнявым i брудным - раскiданы
роiлам рэчы, грамоздзяць пакой непрытульным халодным бязладдзем. На бруднай,
гадамi нямытай падлозе стаiць i ляжыць такое начынне: гарнушкi для стравы,
апоркi, падтопа, чайнiк, труба пабiтая ад грамафона, сноп спарахнелай саломы,
цэбар, конь паломаны (цацка), рознае смецце.
Чапяла, вiлкi i качарга стаяць, дружна стулiўшыся, у чорным кутку каля
печы.
У гэтым пакоi праходзiць-паўзе жыццё двух Жвiроўскiх: Жвiроўскага-бацькi i
Жвiроўскага-сына.
Калiсьцi даўней (i цяпер таксама, але ў думках толькi туманна-цягучых
Жвiроўскага-бацькi) было iначай, было так...
На сурдуце - блiскучыя гузiкi, на шапцы - кукарда. У гузiках i кукардзе
iдзеш па завулку з асаблiвай паважнасцю, бо суседзi пазiраюць з пашанай, бо ў
сустрэчных твары палахлiва сур'ёзяцца або растаюць ветлай усмешкай. Так iдзеш,
бывала, са службы. А дома прыстойнай i гладкай плынню цячэ сямейнае шчасце.
Жонка - руплiвая, слухмяная гаспадыня, цiхiя, далiкатныя дзецi, канапа мяккая.
I грамафон пасля полудня, задорна-вiсклiвы ёкат - рамансы Вяльцавай.
А мо i не было гэтага? Мо гэта старчыя сны толькi турбуюць нутро малюнкамi
пекнымi? Памяць у Жвiроўскага-бацькi ўжо высыхае, памяць дрэнна ўжо служыць.
Сцiраюцца межы-гранiцы памiж успамiнаў жывых i туманна-ружовых мар-летуценняў.
Цi было, цi не было... Цi бачыў, цi снiў...
Добра помнiцца во што.
Стаў непарадак. Непарадак гэты звалi словам, якое палохала сваёй
страшэннай навiзной, сваёй жудаснай незразумеласцю. Слова - рэвалюцыя.
Непарадак адабраў у Жвiроўскага жонку, канапу, Вяльцаву i блiскучыя гузiкi.
Асталася хацёнка трухлявая на Завальным завулку i асталася навекi ўнутры
турботна едкая злосць.
А непарадак астоiўся ў новы парадак - у дзiўны, чужы. Асеў гэты новы
парадак, разгарнуўся чужым сумятлiвым жыццём, сцiснуў Жвiроўскiх у хатцы
старэнькай, у непрытульным брудным пакоi.
Так i жывуць. Трудна сказаць, адкуль дастае стары Жвiроўскi сабе i сыну
свайму на пражытак. Мабыць, яшчэ прадае, што дасюль не прададзена?
Ранiцой, толькi золак засцеле цьмянай сiвiзною вокны, Жвiроўскi-бацька
пачынае бубнець, гутарыць з сынам. Ён добра ведае, што сын не слухае, што сын
яшчэ соладка спiць, але ўсё роўна гаворыць - цягне цяжкiм аднатонным голасам,
вядзе бясконцую гутарку, навучае сына, як трэба жыць, як сцерагчыся нядобрых
людзей, як ладзiць з начальствам, са старэйшымi.
О, Жвiроўскi прайшоў дасканала навуку жыцця! Ён цяпер ведае ўсё, i ён не
дапусцiць, каб сын яго трапiў на нядобрую сцежку, не дапусцiць, каб ён
спазнаўся са злымi людзьмi i паддаўся iх ашуканству. Ого, iм толькi гэтага i
трэба, яны толькi i чакаюць, каб узбiўся якi неразумны хлапец, каб ашукаць
яго, адабраць апошнi грош, сарочку з цела